Альбом \"Шлях\" Андрэя Мельнікава, 1996 год, Беласток, Польшча.
Каментар Андрэя Мельнікава да альбома, 02.02.2020:
\"Як пераможца “Бардаўскай восені”-1996 я атрымаў магчымасць запісаць аўдыёальбом на студыі “Радыё-Беласток”.
Не памятаю, колькі ўсяго гадзін давалася на запіс. Пражыў я, здаецца, больш за тыдзень (можа і пад два) з канца лістапада па нейкае там снежня, у беластоцкай кватэры Алега Латышонка, дзесь у раёне вуліц Вясёлай і Ежы Вашынгтона, апроч выходных дзён наведваючы радыёстудыю, дзе мяне запісваў стары (так мне падавалася тады) гукарэжысэр Томэк Петшыкоўскі.
На выходныя, памятаю, ездзілі мы з латышонкавым пляменнікам Юркам у Гданьск да Лены Глагоўскай, і я там у Гданьску спяваў для нейкіх беларусаў і палякаў, звязаных паходжаннем з “крэсамі”, і купаўся на “анджэйкі” ў Балтыку (упершыню ў жыцці) і палюбіў той горад, як і Цопат з яго “Хітлерштрассэ”, і пабыў у Гдыні і пабачыў адкуль пачалася ІІ Сусветная…
У Беластоку, у кватэры Латышонка мяне прабіла на напісанне песні “Здані” – упершыню я тады ўсвядоміў, шо беларускія падзеі пры працяглым знаходжанні за межамі Беларусі ўспрымаюцца вельмі адрозна, чым знутры…
Вокладку для альбома (дзе вершнік з булавой) зрабіў у 1997м гомельскі “вольны мастак” з ТКВМ (творчай кампаніі вольных мастакоў) “Магілка” і мой сведка на вяселлі Андрэй Скідан. А да таго, у мінскім музеі Багдановіча яго тагачасны дырэктар Алесь Бяляцкі, праслухаўшы “Шлях” вынес аптымістычны вердыкт, шо з гэтых двух касэтак (на касетах альбом на адну шырспажывецкую не змяшчаўся) можа атрымацца адна якасная. Праз некалькі месяцаў я быў уганараваны Бяляцкім уласным выступам на мітынгу БНФ ля Опернага (ёсць харызматычнае фота і цікавы відэазапіс з тога мітынгу, дзе мы з Алесем у звязцы).
Яшчэ крыху пазней “Шлях” пасябраваў мяне з віленскім прадпрымальнікам Міхалам Руневічам, прыкладна тады, калі РБ хацела нажыцца на ім продажам былога дома белпісьменніцкага адпачынку ў Іслачы.
***
На жаль, не памятаю ўсіх тых, каму я пісаў на вокладцы касеты падзяку за ўдзел у стварэнні альбому “Шлях”. Забыў імя хлопца, які на некалькіх песнях другой паловы альбому падыграў на гітары… Каб узгадаць, пажадана, адшукаць касэту з гэткай вокладкай “Шляху”. Тады вокладкі рабіліся ў значнай ступені эксклюзіўна, ад рукі даводзіўся тэкст і дызайн на кожнай. І з сотню, мінімум, такіх вокладак з падзякамі я для “Шляху” зрабіў.\"
*Прачытаць працяг можна ў каментарах
Інтэрв'ю Андрэя Мельнікава. Фэст \"Аршанская бітва -1995 \". Праграма \"Крок\" Вольгі Акуліч